ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЯ ПЛІТА́,
паўднёва-заходняя частка Усх.-Еўрап. платформы паміж Украінскім шчытом і Усх. Карпатамі. Складкавыя геасінклінальныя структуры Усх. Карпат аддзелены ад Валына-Падольскай пліты Тэйсейра-Торнквіста лініяй (на гэтым участку — Рава-Рускім глыбінным разломам). Крышталічны фундамент пліты складзены з архейска-сярэднепратэразойскіх метамарфічных парод, мае разломна-блочную будову, апускаецца на ПдЗ да 6—8 км, перакрыты верхнепратэразойска-кайназойскімі адкладамі. Платформавая структура пліты ўтварылася ў выніку фарміравання прагінаў рознага ўзросту і распасцірання, накладзеных адзін на адзін. Асн. карысныя выкапні: нафта, каменны вугаль.
Г.У.Зінавенка.
т. 3, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)